Удзельнікі круглага стала абмеркавалі вынікі візітаў у Беларусь міжнародных экспертаў у складзе ацэначнай місіі МАГАТЭ, дэлегацыі Еўрапейскай камісіі і еўрапейскага рэгулятара ядзернай бяспекі ENSREG, а таксама ход выканання Нацыянальнага плана дзеянняў па выніках стрэс-тэстаў БелАЭС.
Чарговая місія МАГАТЭ па ацэнцы нацыянальнай ядзернай энергетычнай інфраструктуры Беларусі завяршылася ў пачатку сакавіка. Эксперты МАГАТЭ вылучылі пяць станоўчых практык, якія пасля будуць рэкамендаваны да выканання краінам-пачаткоўцам у ядзернай энергетыцы. У лік пазітыўных практык увайшло своечасовае выкарыстанне сэрвісу міжнародных партнёрскіх праверак ядзернай інфраструктуры, а таксама супрацоўніцтва Беларусі з міжнароднай супольнасцю ў галіне ацэнкі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе. Адзначаны былі пастаянны кантроль за працэсам будаўніцтва, эфектыўная каардынацыя і сістэмны падыход да распрацоўкі і актуалізацыі планаў дзеянняў у надзвычайных і непрадбачаных сітуацыях. Беларусь атрымала таксама сем агульных рэкамендацый і шэсць прапаноў, якія тычацца ўдасканалення заканадаўчых практык, узаемаадносін кіруючых і эксплуатуючых арганізацый, а таксама рамонтна-эксплуатацыйнага абслугоўвання станцыі.
«Развіваючы ўласную інфраструктуру ядзернай энергетыкі, Беларусь шчыльна працуе з МАГАТЭ ў рамках праектаў тэхнічнага супрацоўніцтва ў такіх сферах як падрыхтоўка кадраў для ядзернай энергетыкі, умацаванне патэнцыялу эксплуатуючай арганізацыі, развіццё культуры ядзернай бяспекі, абыходжанне з радыеактыўнымі адходамі і адпрацаваным ядзерным палівам, - падкрэсліў у сваім выступленні кансультант дэпартамента па ядзернай энергетыцы Міністэрства энергетыкі Павел Берташ. - Вопыт і навыкі, набытыя спецыялістамі беларускай АЭС падчас удзелу ў тэхнічных нарадах, семінарах МАГАТЭ, а таксама ў стажыроўках і навуковых візітах, арганізаваных у рамках названых праектаў, спрыяюць павышэнню іх кваліфікацыі і будуць выкарыстаны для забеспячэння максімальнага ўзроўню бяспекі пры ўводзе ў эксплуатацыю і эксплуатацыі першай у краіне АЭС»
З 2016 года Беларуская АЭС цесна супрацоўнічае з Сусветнай асацыяцыі арганізацый, якія эксплуатуюць АЭС (ВАО АЭС). Як распавёў намеснік начальніка вытворча-тэхнічнага аддзела РУП «Беларуская АЭС» Барыс Парамонаў, эксперты ВАА АЭС адзначылі станоўчыя практыкі ў галіне падрыхтоўкі персаналу. У ліку такіх практык трэніроўкі персаналу станцыі на поўнамаштабных і аналітычных трэнажорах, стажыроўкі на дзеючых АЭС і ТЭС, рэгулярнае правядзенне мерапрыемстваў па павышэнні культуры бяспекі.
Міжнароднае супрацоўніцтва пры будаўніцтве БелАЭС не абмяжоўваецца толькі сумеснай працай з МАГАТЭ і ВАА АЭС. 9 сакавіка ў Мiнску прайшла рабочая сустрэча прадстаўнікоў Дзяржатамнагляду, Еўракамісіі і рэгулюючых органаў ядзернай бяспекі ENSREG. Еўрапейскія эксперты ацанілі адчувальны прагрэс, дасягнуты за кароткі час у выкананні мерапрыемстваў Нацыянальнага плана дзеянняў па выніках правядзення стрэс-тэстаў Беларускай АЭС.
«Прагрэс ёсць па ўсіх мерапрыемствах Нацыянальнага плана, а тры з іх цалкам выкананы. У тым ліку, даследаванне прыроды Гудагайскай сейсмічнай падзеі 1908 года, - адзначыў кансультант дэпартамента па ядзернай і радыяцыйнай бяспецы Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Алег Собалеў. - Таксама ў рамках выканання Нацыянальнага плана на беларускай АЭС змантаваная лінія і кропка стацыянарнага падключэння перасоўнага дызель-генератара для энергаблока № 1 для забеспячэння энергазабеспячэння пры абясточванні АЭС. Падрыхтавана і выконваецца «Праграма работ па распрацоўцы і ўкараненні сімптомна-арыентаваных аварыйных працэдур».
У кантэксце падрыхтоўкі Беларускай АЭС да запуску, працягваецца рэалізацыя мерапрыемстваў па інтэграцыі станцыі ў энергасістэму краіны. Па словах першага намесніка генеральнага дырэктара-галоўнага інжынера ДВА «Белэнерга» Уладзіміра Баброва, па запланаваным графіку рэалізуюцца праграмы па ўводу ў эксплуатацыю высакавольтных ліній, якія пасля забяспечаць перадачу электраэнергіі БелАЭС, працягваецца пераабсталяванне і мадэрнізацыя электрастанцый і кацельняў, рэалізуюцца мерапрыемствы па рэжымнай інтэграцыі АЭС у энергасістэму.