Ва ўступным слове Анатоль Міхайлавіч Бондар адзначыў, што першы планава-папераджальны рамонт энергаблока № 2 завершаны паспяхова. Усе работы выкананы ў поўным аб'ёме, неабходнае абсталяванне своечасова дастаўлена на пляцоўку. "Вынік, сапраўды, годны!"- падкрэсліў першы намеснік генеральнага дырэктара - галоўны інжынер АЭС.
Пры выкананні ППР было задзейнічана каля 700 чалавек рамонтнага персаналу падраздзяленняў Беларускай АЭС і 656 чалавек персаналу падрадных арганізацый. Работы выконваліся ў кругласутачным рэжыме.
У працэсе рамонту было выканана 1 532 аперацыі зацверджанага каляндарна-сеткавага графіка рамонту. У поўным аб'ёме выканана тэхнічнае абслугоўванне і рамонт парадку 12500 адзінак абсталявання. Праведзена замена каля 25 працэнтаў адпрацаванага ядзернага паліва на свежае. Праведзены эксплуатацыйны кантроль металу абсталявання і трубаправодаў АЭС. У тым ліку, 100% кантроль металу абсталявання рэактарнай устаноўкі. Агульная колькасць аб'ектаў кантролю склала больш за 20 тысяч адзінак, уключаючы радыёграфічны кантроль металу 748 зварных злучэнняў трубаправодаў.
Тэхнічны стан абсталявання пасля рамонту адпавядае ўстаноўленым тэхнічным патрабаванням.
Якасць выканання работ па рамонце абсталявання добрая.
У працэсе нарады прадстаўнікі аддзела аховы працы, аддзела тэхнічнай інспекцыі, цэха па радыяцыйнай бяспецы, цэха па абыходжанні з РАА выступілі з кароткімі дакладамі па стане аховы працы, прамысловай, пажарнай і радыяцыйнай бяспецы.
У завяршальнай частцы нарады, за якаснае выкананне работ, высокі прафесіяналізм з захаваннем прынцыпаў культуры бяспекі пры правядзенні першага планава-папераджальнага капітальнага рамонту энергаблока №2 Беларускай АЭС падзякамі першага намесніка генеральнага дырэктара – галоўнага інжынера АЭС адзначаны калектывы падрадных арганізацый: "ААТ "Белэнергарэмналадка", АТ "Расатам сэрвіс", ААТ "Белэнергаахова", АТ "Атамэнергарамонт", ААТ "Белэнергаахова".