Невялікі правінцыйны гарадскі пасёлак, у сувязі з будаўніцтвам Беларускай АЭС здабыў статус горада, прырос трыма новымі мікрараёнамі і па колькасці насельніцтва павялічыўся амаль удвая да 15 тысяч чалавек. Сёння - гэта адзін з самых маладых гарадоў у краіне. У Астраўцы пабудаваны 2 новыя школы. Будуецца трэцяя. Сёлета за парты ў першых класах Астраўца села 238 вучняў. З іх, 98 дзетак - гэта дзеці работнікаў Беларускай АЭС. Атамная станцыя развіваецца, прырастае маладымі спецыялістам, а разам з ёй развіваецца, маладзее горад Астравец.
Трэцяя школа - самая новая ў Астраўцы. Сёлета ёй споўнілася 5 гадоў і ў ёй навучаюцца больш за 620 хлопчыкаў і дзяўчынак, бацькі якіх працуюць на Беларускай атамнай электрастанцыі. А гэта 67% ад усёй колькасці навучэнцаў школы. Гэта значыць, з кожных трох школьнікаў, двое - дзеці работнікаў АЭС.
У гэтым навучальным годзе ў першыя класы школы прыйшло 112 дзетак. З іх 54 - дзеці работнікаў Беларускай АЭС.
Семдзесят працэнтаў навучэнцаў старэйшых класаў плануюць у будучыні звязаць сваё жыццё з атамнай энергетыкай. У школе адкрыты "Атамны клас", у якім хлопцы вывучаюць дысцыпліны, неабходныя для паступлення ў ВНУ ядзерна-энергетычнага профілю.
Таму, запрашэнне кіраўніка Беларускай АЭС на ўрачыстую лінейку менавіта ў школу №3 было не выпадковым.
Выступаючы на мерапрыемстве Сяргей Алегавіч павіншаваў настаўнікаў, вучняў і іх бацькоў з пачаткам новага навучальнага года, а таксама выказаў падзяку педагогам школы за выхаванне і навучанне дзяцей работнікаў Беларускай АЭС, што дазваляе персаналу атамнай электрастанцыі спакойна выконваць свае вытворчыя абавязкі па выпрацоўцы і выдачы электраэнергіі ў адзіную энергасістэму краіны.
Навучэнцам самай маладой школы Астраўца генеральны дырэктар пажадаў новых дасягненняў у вучэбнай дзейнасці і, асабліва, у вывучэнні фізікі, якая з'яўляецца галоўнай вучэбнай дысцыплінай у падрыхтоўцы спецыялістаў для атамнай энергетыкі.
Падчас лінейкі Сяргей Алегавіч Бабовіч і дырэктар школы №3 Людміла Станіславаўна Сасноўская падпісалі дамову аб супрацоўніцтве паміж сярэдняй школай №3 і Беларускай АЭС. Таксама, школе быў перададзены спартыўны інвентар, які за кошт уласных сродкаў набылі работнікі атамнай электрастанцыі.