Звяртаючыся з прывітаннем да ўдзельнікаў мерапрыемства, міністр энергетыкі падкрэсліў, што для Беларусі будаўніцтва атамнай электрастанцыі з'яўляецца адным з самых важных праектаў у дачыненні да дыверсіфікацыі паліўна-энергетычных рэсурсаў і захавання прынцыпаў экалогіі. Яго рэалізацыя дасць магчымасць атрымаць чыстую «зялёную» энергію і знізіць аб'ёмы спажывання імпартаванага прыроднага газу. «Для нас заўсёды на першым месцы было і застаецца забеспячэнне бяспекі пры збудаванні аб'екта і яго эксплуатацыі. Для гэтай мэты мы актыўна задзейнічаем магчымасці міжнароднага супрацоўніцтва і, у першую чаргу, супрацоўніцтва з Міжнародным агенцтвам па атамнай энергіі», - адзначыў Віктар Міхайлавіч.
Міністр энергетыкі падзякаваў агенцтву за садзейнічанне ў арганізацыі ацэначных місій МАГАТЭ, якія дазваляюць своечасова прыняць неабходныя меры для забеспячэння бяспекі пры ўводзе ў эксплуатацыю і далейшай эксплуатацыі атамнай электрастанцыі.
«Беларусь у поўнай меры карыстаецца усімі інструментамі, якія Агенцтва прадастаўляе краінам, што падступіліся да развіцця ядзернай энергетыкі. На працягу многіх гадоў мы шчыльна працуем з МАГАТЭ ў рамках праграм тэхнічнага супрацоўніцтва, рэалізуючы праекты ў сферы падрыхтоўкі кадраў для ядзернай энергетыкі, умацавання патэнцыялу эксплуатуючай арганізацыі, развіцця культуры ядзернай бяспекі, абыходжання з радыеактыўнымі адходамі і адпрацаваным ядзерным палівам і іншых напрамках, – адзначыў Віктар Міхайлавіч. - Сёння мы сабраліся для таго, каб прыступіць да завяршэння велізарнай працы, праведзенай намі сумесна з МАГАТЭ – правядзенне місіі МАГАТЭ па ацэнцы нацыянальнай ядзернай энергетычнай інфраструктуры на фазе 3 (IНIР 3). У гэтай працы прымалі ўдзел усе беларускія органы дзяржаўнага кіравання і арганізацыі, залучаныя ў рэалізацыю нацыянальнай ядзернай энергетычнай праграмы. Падчас падрыхтоўкі да місіі беларускім бокам былі падрыхтаваны ўсе неабходныя для разгляду экспертамі МАГАТЭ дакументы, арганізаваны ўдзел кваліфікаваных беларускіх экспертаў у мерапрыемствах місіі па ўсіх 19 напрамках развіцця інфраструктуры ядзернай энергетыкі ў адпаведнасці з дакументам МАГАТЭ «Вехі».
Напрыканцы міністр энергетыкі Віктар Каранкевіч пажадаў удзельнікам паспяховай і плённай працы.
У перыяд з 24 лютага па 4 сакавіка 2020 года Беларусь прымае місію МАГАТЭ па комплекснай ацэнцы развіцця нацыянальнай інфраструктуры ядзернай энергетыкі на фазе 3 (IНIР 3). На працягу двух тыдняў эксперты МАГАТЭ будуць аналізаваць інфраструктуру ядзернай энергетыкі Рэспублікі Беларусь па ўсіх 19 напрамках яе развіцця, пазначаных у дакуменце МАГАТЭ для «краін-пачаткоўцаў» у сферы ядзернай энергетыкі – «Milestones» («Вехі»).