Каманда Беларускай АЭС, пазалеташняй чэмпіёны турніру, у мінулым годзе атрымала хваравітую поўху, спыніўшыся ў двух кроках ад п'едэстала. Сёлета астравецкія баскетбалісты былі настроеныя толькі на перамогу - і прадэманстравалі гэта на гульнявой пляцоўцы. Спачатку атамшчыкі разрабіліся з супернікамі па групе, выйграўшы ў каманды Ваўкавыскіх электрычных сетак 35:8 і адолеўшы праціўнікаў з апарата кіравання РУП «Гроднаэнерга» 29:18.
У паўфінале Астраўцы працягнулі ўпэўненую барацьбу і не пакінулі шанцаў гульцам Лідскіх цеплавых сетак, выйграўшы з лікам 33:24.
Напружаным аказаўся фінал спаборніцтва, бо баскетбалісты з Гродзенскіх электрычных сетак апынуліся моцнымі і ўпартымі супернікамі. І ўсё ж на апошніх хвілінах каманда Беларускай АЭС змагла вырваць у іх перамогу 31:27 – і стала чэмпіёнам.
Найлепшым гульцом турніру быў прызнаны Уладзімір Яновіч, дапамагалі яму Аляксей Чаркас, Антон Касцюкоў, Алег Гейба, Яўген Міцкевіч, Андрэй Мядзведзеў, Сцяпан Машлякевіч, Аляксандр Даўгапалец і Уладзімір Ташчан.