Пасля прыняцця рашэння аб будаўніцтве АЭС у Беларусі асабліва актуальным стала кадравае пытанне. Акцэнт быў зроблены на падрыхтоўцы беларускіх спецыялістаў, у вядучых ВНУ краіны адкрыліся новыя спецыяльнасці. Першыя маладыя спецыялісты прыйшлі на Беларускую АЭС ужо ў 2013 годзе. Яны таксама запатрабаваны ў МНС, экалагічных і іншых арганізацыях.
"Цяпер мы не прырошчваем колькасць спецыяльнасцяў, але некаторыя трансфармуюцца з улікам неабходнасці. Напрыклад, у нас былі спецыяльнасці "будаўніцтва атамных станцый", "парагенератарныя ўстаноўкі для атамных станцый". З наступнага года будзе весціся набор на спецыяльнасць "праектаванне і эксплуатацыя АЭС". Гэта сёння найбольш запатрабавана, і калі мы будзем рыхтаваць 20-30 спецыялістаў, будзе пастаяннае папаўненне, рэсурс для атамнай энергетыкі нашай краіны", - сказала Лілія Дулінец.
Дзень атамных тэхналогій праводзіцца чацвёрты раз і ўжо стаў традыцыйным мерапрыемствам. У ім удзельнічаюць студэнты спецыяльнасцяў, звязаных з ядзернымі тэхналогіямі: атамная энергетыка, навука. "Заўтра гэтыя студэнты будуць забяспечваць у тым ліку бяспечную эксплуатацыю Беларускай АЭС, якая будзе працаваць мінімум 60 гадоў. У іх павінен быць неабходны багаж ведаў, які яны будуць пастаянна папаўняць і ўдасканальваць. Важна, каб студэнты зразумелі, што іх чакае ў будучыні, на якую прафесійную сьцежку яны ўступаюць. Яны павінны пераканацца ў тым, што зрабілі правільны выбар", - адзначыла намеснік дырэктара Дэпартамента. Яна падкрэсліла, што сфера атамных тэхналогій дынамічна развіваецца, таму спецыялістам трэба будзе пастаянна павышаць кваліфікацыю, атрымліваць новыя веды, уменні, навыкі.
Дзень атамных тэхналогій - адукацыйна-забаўляльнае мерапрыемства для студэнтаў Беларусі. Арганізатарам мерапрыемства выступае дзяржкарпарацыя "Расатам" пры падтрымцы Міністэрства энергетыкі Беларусі, інфармацыйнага цэнтра па атамнай энергіі і Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта. Галоўнай мэтай Дня атамных тэхналогій з'яўляецца папулярызацыя тэхнічнай адукацыі сярод моладзі.
Беларуская АЭС з двума рэактарамі ВВЭР-1200 сумарнай магутнасцю 2400 МВт будуецца па расійскім праекце паблізу Астраўца (Гродзенская вобласць). Генеральны падрадчык будаўніцтва БелАЭС - інжынірынгавы дывізіён дзяржкарпарацыі "Расатам" (АСЭ).