У прэс-канферэнцыі прынялі ўдзел: Кіраўнік групы экспертаў МАГАТЭ Юрый Мартыненка, намеснік Міністра энергетыкі Рэспублікі Беларусь Міхаіл Міхадзюк, галоўны інжынер атамнай электрастанцыі дзяржаўнага прадпрыемства «Беларуская АЭС» Анатоль Бондар.
Каманда экспертаў Міжнароднага агенцтва па атамнай энергіі (МАГАТЭ) адзначыла імкненне Беларускай АЭС як эксплуатуючай арганізацыі павысіць бяспеку станцыі да пачатку ўводу 1-га блока АЭС у камерцыйную эксплуатацыю. Каманда таксама выявіла вобласці для далейшага павышэння бяспекі, каб забяспечыць эксплуатацыйную гатоўнасць.
Каманда па разглядзе эксплуатацыйнай бяспекі перад пускам энергаблока (далей pre-OSART) завяршыла сёння 18-дзённую місію па ацэнцы эксплуатацыйнай бяспекі аб'екта ў Астраўцы, які знаходзіцца ў 150 км на паўночны захад ад Мінска, дзе Рэспубліка Беларусь завяршае будаўніцтва сваёй першай АЭС . Станцыя складаецца з двух энергаблокаў па расійскай тэхналогіі ВВЭР магутнасцю 1194 МВт (э) кожны. Першы блок плануецца пусціць у эксплуатацыю ў наступным годзе.
Мэтай pre-OSART місій з'яўляецца аказанне дапамогі ядзерных аператарам ў павышэнні эксплуатацыйнай бяспекі атамных электрастанцый. Такія місіі выяўляюць вобласці для павышэння бяспекі, ацэньваючы прапанаваныя эксплуатацыйныя праграмы шляхам іх параўнання са стандартамі бяспекі МАГАТЭ і пры неабходнасці прапаноўваючы рэкамендацыі. Місіі не ацэньваюць агульную бяспеку АЭС.
«Будуя вялікую сучасную атамную электрастанцыю, разлічаную на 60 гадоў эксплуатацыі, вышэйшаму кіраўніцтву станцыі варта няўхільна пацвярджаць сваю прыхільнасць ядзернай бяспецы на працягу ўсяго тэрміну службы ядзернай ўстаноўкі», - сказаў кіраўнік каманды Юрый Мартыненка, галоўны супрацоўнік аддзела ядзернай бяспекі МАГАТЭ. - «Каманда pre-OSART адзначыла мэтанакіраванасць кіраўніцтва станцыі забяспечыць бяспечную і надзейную эксплуатацыю. Каманда таксама прапанавала свае рэкамендацыі для далейшага павышэння бяспекі і своечасовага выканання эксплуатацыйных праграм».
У склад каманды ўвайшлі 15 экспертаў з Арменіі, Бельгіі, Бразіліі, Францыі, Нідэрландаў, Расійскай Федэрацыі, Славацкай Рэспублікі і Злучаных Штатаў Амерыкі, а таксама прадстаўнікі МАГАТЭ.
Праверка ахапіла наступныя вобласці: лідэрства і кіраванне бяспекай, падрыхтоўка і кваліфікацыя персаналу, эксплуатацыя, рамонт, тэхнічная падтрымка, вопыт эксплуатацыі, радыяцыйная абарона, хімія, аварыйная гатоўнасць і рэагаванне, кіраванне аварыямі і ўвод у эксплуатацыю.
Каманда адзначыла некалькі добрых практык, якія будуць прадастаўлены увазе сусветнай ядзернай супольнасці, а менавіта:
- Надзейная сістэма аварыйнай абвесткі насельніцтва ў выпадку ўзнікнення радыелагічнай і іншых аварый на станцыі з выкарыстаннем абсталявання, якое не залежыць ад знешніх крыніц энергазабеспячэння, і абсталяванага апаратурай маўленчага апавяшчэння.
- Наяўнасць у спецыяльнай пажарнай частцы Беларускай АЭС ахоўнага збудавання такога ж узроўня абароненасці, як і хованкі для персаналу станцыі.
- Наяўнасць на блокавым пункце кіравання інтэгральнай панэлі, спецыяльна спраектаванай для кантролю і кіравання перасоўным абсталяваннем падчас аварыйных сітуацый.
Місія прапанавала некалькі рэкамендацый з мэтай своечасовага павышэння эксплуатацыйнай бяспекі, каб забяспечыць эксплуатацыйную гатоўнасць, у тым ліку:
- Эксплуатуючай арганізацыі варта забяспечыць належнае кіраўніцтва ўсімі відамі дзейнасці, звязанымі з распрацоўкай і выкананнем эксплуатацыйных праграм.
- Эксплуатуючай арганізацыі варта ўзмацніць кантроль і нагляд за праграмай ўводу ў эксплуатацыю, уключаючы мерапрыемствы па прадухіленні патэнцыйнага траплення старонніх прадметаў у важныя для бяспекі сістэмы і элементы станцыі.
- Эксплуатуючай арганізацыі варта укараніць праграму ўліку вопыту эксплуатацыі, каб забяспечыць азнаямленне і ўлік урокаў з ўнутранага і вонкавага вопыту эксплуатацыі.
«Місія pre-OSART - гэта цудоўная магчымасць прыцягнуць лепшых міжнародных экспертаў для правядзення незалежнай праверкі з мэтай аказання дапамогі ў павышэнні эксплуатацыйнай бяспекі да пачатку ўводу новага рэактара ў эксплуатацыю», - заявіў Анатоль Бондар, галоўны інжынер Беларускай АЭС. «Прапанаваныя вобласці для паляпшэння ў выніку праведзенай ацэнкі OSART будуць улічаныя як частка нашага прынцыпу пастаяннага павышэння бяспекі».
Каманда прадаставіла праект справаздачы кіраўніцтву станцыі. У кіраўніцтва станцыі і нацыянальнага рэгулятара ёсць магчымасць прадставіць свае заўвагі па праекце справаздачы, якія будуць прыняты пад увагу МАГАТЭ. Канчатковы варыянт справаздачы будзе перададзены ўраду Рэспублікі Беларусь праз тры месяцы. МАГАТЭ падахвочвае ўрады краін рабіць справаздачы OSART публічнымі.
Кіраўніцтва станцыі паведаміла, што яно ўважліва азнаёміцца з рэкамендацыямі каманды OSART і зробіць заяўку на правядзенне паўторнай місіі праз 18 месяцаў.
Агульная даведка
Агульную інфармацыю аб місіях ОСАРТ можна знайсці на вэб-сайце МАГАТЭ IAEA Website. Місія OSART стваралася як праверка праграм і дзейнасці важных для бяспекі. Гэта не інспекцыя рэгулюючага органа, а таксама не праверка праекта або замена вычарпальнай ацэнкі агульнага стану бяспекі станцыі.