Пабывалі на пункце кіравання АЭС і пазнаёміліся з начальнікам аператыўна-вытворчай службы АЭС Дзмітрыем Вараб'ёвым. А яшчэ даведаліся пра асаблівасці работы начальніка змены АЭС. У будынку камплектнай размеркавальнай прылады 330 кВ навучэнцам прадэманстравалі ўнікальнае тэхналагічнае абсталяванне, аналагаў якому ў Беларусі няма. Наведалі хлопцы і турбінную залу энергаблока №1, дзе для юных гасцей правёў пазнавальную экскурсію начальнік змены турбіннага цэха Віктар Андрыеўскі. На пырскальных басейнах хлопцы зрабілі атмасферныя фота, а ў сталовай падсілкаваліся смачным "атамным" абедам.
У заключнай частцы візіту навучэнцы Тэхнапарка пагутарылі з намеснікам генеральнага дырэктара па агульных пытаннях Барысам Парамонавым. Спектр пытанняў, якія цікавяць дзяцей, аказаўся досыць шырокі: ад дэталяў кар'ернага шляху Барыса Пятровіча да асаблівасцяў праекта Беларускай АЭС. На ўсе пытанні намеснік генеральнага дырэктара даў змястоўныя разгорнутыя адказы.