Беларусь стала першай замежнай пляцоўкай, дзе дзяржкарпарацыя «Расатам» пабудавала атамную станцыю з вода-вадзянымі рэактарамі (ВВЭР) пакалення 3+ з павышанымі характарыстыкамі бяспекі. Па рэферэнтным праекце пабудаваны атамныя энергаблокі ў Расіі, плануюцца да ўводу ў Егіпце, Турцыі, Венгрыі, Бангладэш.
«Мірны атам забяспечвае вытворчасць больш як 10 працэнтаў электраэнергіі ў свеце. Усяго эксплуатуецца каля 440 энергаблокаў. Толькі ў мінулым годзе запусцілі 6 новых рэактараў. Паводле апошняга прагнозу МАГАТЭ, да 2050-га магутнасць АЭС у свеце вырасце больш як у два разы, да 890 ГВт, - удакладніў Віктар Каранкевіч. - Аб намерах пабудаваць АЭС заявілі Балгарыя, Латвія, Польшча, Францыя, Чэхія, Швейцарыя і іншыя. Зусім нядаўна 12 еўрапейскіх дзяржаў выступілі з ініцыятывай стварыць прамысловы альянс для зацікаўленых у малых модульных ядзерных рэактарах».