"Будаўніцтва першай АЭС - адзін з найбольш маштабных і тэхналагічных праектаў, які мы выконвалі сумесна з расіянамі. Для рэалізацыі гэтага праекта зроблена нямала", - адзначыў кіраўнік дзяржавы. У прыватнасці, уведзены ў эксплуатацыю і ўстойліва функцыянуе, выдаючы электраэнергію ў сетку, першы энергаблок. Паводле слоў Прэзідэнта, з моманту ўключэння першы блок выпрацаваў ужо больш як 12,5 млрд кВт.гадз, што дало магчымасць замясціць звыш 3 млрд кубаметраў газу і зэканоміць для краіны больш як $400 млн. "Вынік нядрэнны для пачатку", - ацаніў беларускі лідэр.
Што да другога энергаблока АЭС, ідуць мерапрыемствы этапу фізічнага пуску, у красавіку гэтага года запланавана ўключэнне ў сетку, канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.
"Я неаднаразова падкрэсліваў, што радыяцыйная бяспека і надзейнасць эксплуатацыі атамнай станцыі - гэта прыярытэт з прыярытэтаў, - заявіў кіраўнік дзяржавы. - Мы доўга абмяркоўвалі гэтыя пытанні на этапе прыняцця найсур'ёзнага рашэння аб будаўніцтве станцыі, улічылі ўвесь сусветны вопыт. Тут выкарыстоўваюцца найвышэйшыя тэхналогіі. Гэта здабытак нашага народа. Таму ўсе пытанні будаўніцтва і працы атамнай станцыі патрабуюць асаблівай увагі і ўзважанага падыходу".
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, як выступалі супраць будаўніцтва атамнай электрастанцыі асобныя дэструктыўныя групы, асабліва ў 2020 годзе падчас перадвыбарнай кампаніі. "Вы памятаеце, усе альтэрнатыўшчыкі, цяпер збеглыя, абяцалі ў выпадку прыходу да ўлады закрыць атамную станцыю. Хаця ўжо мільярды былі ўкладзены ў яе будаўніцтва. Да гэтага іх падштурхоўвалі нашы канкурэнты, перш за ўсё, на жаль, бліжэйшыя нашы суседзі Польшча і Літва, - сказаў беларускі лідэр.- І што сёння? Польшча запланавала будаўніцтва дзвюх атамных станцый, а можа быць, і трох. Літва таксама заяўляе аб будаўніцтве сваёй атамнай станцыі. А цяпер прыкіньце: калі б мы, загуляўшы ў палітычныя гульні, спынілі будаўніцтва або закрылі атамную станцыю? Ці яны прыйшлі б да ўлады і прыкрылі гэту атамную станцыю, куды тады ўжо было ўкладзена каля $5 млрд? Вось іх твар".
З эканамічнага пункту гледжання для энергетычнай бяспекі Прэзідэнт запатрабаваў забяспечыць эфектыўную працу ўсёй станцыі, яе найхутчэйшы выхад на поўную магутнасць. Аднак рабіць гэта трэба ні ў якім разе не на шкоду якасці будаўніцтва, паўтарыў сваё патрабаванне Аляксандр Лукашэнка. "Я ведаю, што расіяне часам енчаць, што мы прад'яўляем ім завышаныя патрабаванні па бяспецы. Але яны павінны разумець: мы чарнобыльская рэспубліка, мы пацярпелі ад выбуху на Чарнобыльскай атамнай станцыі, - растлумачыў ён. - Таму бяспека - пытанне нумар адзін, і мы будзем патрабаваць найжорсткай бяспекі і захавання нормаў пры будаўніцтве".
У сувязі з гэтым кіраўнік дзяржавы адрасаваў удзельнікам нарады шэраг асноўных пытанняў: як гарантавана бяспека, ці выконваюцца ўсе нормы і прадпісанні пры будаўніцтве і эксплуатацыі станцыі. Прэзідэнт таксама спытаў аб часовых перспектывах уводу другога энергаблока Беларускай АЭС у эксплуатацыю, яшчэ раз зрабіўшы акцэнт на якасці будаўніцтва. "Мы нічога не хавалі і хаваць не маем намеру, што былі пэўныя недахопы ў будаўніцтве атамнай станцыі, якія вельмі аператыўна ўхіляліся нашымі і расійскімі будаўнікамі. Зацягванне тэрмінаў звязана з тым, што мы сапраўды прад'яўляем вельмі высокія патрабаванні да бяспекі. Лепш на паўгода - год пазней , чым недзе чагосці недапрацаваць", - сказаў беларускі лідэр.
"Якія меры прымаюцца для паскарэння рэалізацыі гэтага праекта? Бо аснова (рэактар, каркас) - гэта ўжо створана, даведзена да розуму. Засталіся паўтара - два працэнты нейкіх недаробак па будаўнічай частцы. Калі мы скончым цалкам і сыдзем з гэтай пляцоўкі? - дадаў кіраўнік дзяржавы. - Я абсалютна адкрыты для ўсіх вашых прапаноў. Калі патрэбна мая дапамога, гатовы адразу ж прыняць неабходныя рашэнні".