Слова «лета» заўсёды выклікае шэраг станоўчых асацыяцый. Хтосці скажа, што лета - гэта сонца, мора, водпуск. Нехта ўспомніць дачу і градкі.
Дзеці абавязкова ўспомняць канікулы. Ды і дарослыя, думаючы аб леце, абавязкова ўспомняць дзяцінства. Мусіць, таму Міжнародны дзень абароны дзяцей адзначаецца менавіта ў першы дзень лета.
Вясёлае мерапрыемства для дзяцей работнікаў Беларускай АЭС планавалася правесці менавіта ў першы дзень лета. Конкурс малюнка на асфальце павінен быў прайсці на пляцоўцы ля інфармацыйнага цэнтра АЭС у горадзе Астраўцы. Але яркае, сонечнае, у пачатку дня, надвор'е да вечара закапрызіла і цёплы летні дожджык сапсаваў «мальберт» мастакоў-канкурсантаў. Рознакаляровую крэйду і творчыя задумы прыйшлося адкласці «да лепшых часоў».
Упрыгожыць тратуары сваімі малюнкамі юныя таленты змаглі 6 чэрвеня. Невялікая пляцоўка каля інфацэнтра напоўнілася шумнымі дзецьмі, клапатлівымі мамамі і засяроджанымі татамі. А яшчэ, дзіцячымі песенькамі і яркімі фарбамі. Па задумцы арганізатараў - першаснай арганізацыі прафсаюзаў Беларускай АЭС і групы ідэалагічнай работы, дзеці, без дапамогі бацькоў, за трыццаць хвілін павінны былі прадставіць на суд журы сваю работу на тэму «ЛЕТА».
Але хіба творчасць можна замкнуць у слове «павінны»?
Па-першае, спыніць мастака немагчыма, пакуль ён не скончыць сваю працу.
А па-другое, хто ўтрымае дарослага, які ўспомніў, што ён таксама вельмі добра малюе крэйдамі, і з дзяцінства ў яго засталіся няўвасобленыя творчыя задумы.
Увогуле, свята атрымалася вясёлае і яркае, і для дзяцей, і для іх бацькоў. Прызы атрымалі ўсе ўдзельнікі і нават адзін тата.
У кожным малюнку лета, сонейка, мама, тата, мір і прыгажосць.
Дзіцячы вернісаж будзе радаваць мінакоў да наступнага цёплага летняга дажджу.
Больш фота - у сацыяльных сетках Беларускай АЭС.