Работнікі Беларускай атамнай электрастанцыі, як сапраўдныя чараўнікі, умеюць і зорку ў рэактары запаліць, і цяплом сваіх сэрцаў падзяліцца, і матэрыяльна дапамагчы таму, каму гэта найбольш патрэбна.
На працягу года беларускія атамшчыкі не раз удзельнічалі ў розных дабрачынных акцыях, такіх як «Агеньчык надзеі» (да Міжнароднага дня інвалідаў), «Нашы дзеці», «Прафсаюзы дзецям», у зборы сродкаў на карысць Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа. Рэгулярныя звароты сацыяльна-дабрачынных устаноў дапамогі дзецям і дарослым «Цэнтр дапамогі «Вера», Kinder Vita, розных устаноў аховы здароўя, грамадскіх арганізацый, а таксама шматлікія індывідуальныя просьбы аб дапамозе ніколі не застаюцца без увагі. Сумы дапамогі бываюць розныя: і вялікія і не вельмі, але ўвага для ўсіх аднолькавая.
Адна са шматлікіх дабрачынных традыцый першаснай прафсаюзнай арганізацыі дзяржаўнага прадпрыемства «Беларуская АЭС» - перад Калядамі і Новым годам пабываць у гасцях у ДУА «Астравецкі цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі». Шмат гадоў запар для выхаванцаў цэнтра ў апошнія дні адыходзячага года Беларуская АЭС дорыць крыху дабра. На гэты раз - навагоднія падарункі і сувеніры кожнаму дзіцяці і сертыфікат на набыццё мэблі.
Як паабяцала старшыня прафсаюзнага камітэта дзяржаўнага прадпрыемства «Беларуская АЭС» Пылінская Марына Лявонаўна: «Традыцыя будзе працягвацца і лічбы на сертыфікаце будуць расці». Але ж дапамога не бывае вялікай ці маленькай, галоўнае, што яна аказана, і агеньчыкі навагодняй гірлянды, адлюстраваныя дзіцячымі вачамі сталі крышачку ярчэй і весялей.