- Хвалявацца не варта, гледзячы на перамяшчэннi аўтамабіля з надпісам «Лабараторыя радыяцыйнага кантролю», - кажа загадчык лабараторным аддзелам раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, урач-лабарант Ганна Пашук. - Гэта звычайная практыка на тэрыторыях размяшчэння атамных электрастанцый.
Нагадаю, што праводзіць радыялагічныя маніторынгі ў нашым раёне пачалі задоўга да ўводу Беларускай АЭС у эксплуатацыю. Спецыялісты цэнтра ездзілі ў той час на звычайным аўтамабілі, да таго ж 1 раз у 3 месяцы, таму не прыцягвалі ўвагу людзей.
Каб пераканацца, што ўсё на самай справе нармальна, разам з інжынерам райЦГЭ Аксанай Суравец сядаем у перасоўную радыелагічную лабараторыю і адпраўляемся ў аграгарадок Малі.
- Пасля запуску АЭС мы пачалі ездзіць па раёне - у нас ёсць 10 кропак назірання, якія мы наведваем раз на тыдзень, - распавядае Аксана Станіславаўна.
У Малях спыняемся каля будынку Дома культуры. Інжынер бярэ неабходнае абсталяванне і выходзіць з машыны.
- Праходзім па тэрыторыі па вызначаных кропках - у кожным месцы іх каля 5. Прыбор вымярае магутнасць амбiентнай эквівалентнай дозы, пасля чаго лічбы фіксуюць у часопісе, - распавядае спецыяліст райЦГЭ пра свае дзеянні. - Назіранні мы вядзем не першы месяц і бачым, што перавышэнняў паказчыкаў няма.
Зноў садзімся ў аўтамабіль і пераязджаем у наступны населены пункт - працэдура вымярэння тая ж. У Астраўцы графік крыху іншы.
- Штотыдзень лабараторыя раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі праводзіць замеры гама-фону ў зоне назірання, у горадзе замеры робім тры разы на дзень штодня уключаючы выхадныя, - кажа Ганна Пашук. - У цяперашні час гама-фон у межах нормы. Па рэспубліцы ён роўны - 0,1 мікразіверта у гадзіну, у нас - 0,05-0,06 мікразіверта у гадзіну.
Акрамя перасоўнай лабараторыі радыяцыйнага кантролю, у райЦГЭ ёсць радыелагічная лабараторыя, якая аснашчана спектрометрамі, радыёметрамi, з дапамогай якіх выконваюцца вымярэннi аб'ёмнай і ўдзельнай актыўнасці ёду-131, цэзію-137, стронцыю-90, натуральных радыенуклідаў, сумарнай альфа і бэта актыўнасці.
Аксана Суравец, інжынер райЦГЭ:
- Мы поўнасцю забяспечаны сучасным надзейным абсталяваннем, можам правяраць прадукты харчавання, ваду і любыя матэрыялы і паверхні на ўтрыманне радыенуклідаў, таму хвалявацца не варта. І радыяцыйнае становішча, як сведчаць маніторынгі, у нас стабільнае.