"На сёння загружаны 163 касеты ў рэактарную ўстаноўку. Але пры гэтым ёсць яшчэ пэўныя працэдуры ў частцы ўшчыльнення, яны адбываюцца не за адну гадзіну ці дзень, - адзначыў Віген Марухян. - Другая фаза (фізічнага пуску. - заўв. БЕЛТА) плануецца па меры таго, як арганізацыя, якая эксплуатуе - Беларуская АЭС - дашле нам апавяшчэнне, што гатова да пачатку гэтай фазы, гэта значыць да гідраўлічных выпрабаванняў".
Прадстаўнік Дзяржатамнагляду растлумачыў, што першая фаза фізпуску - загрузка ядзернага паліва, другая - "халодныя" выпрабаванні (г.зн. пры тэмпературы рэактарнай устаноўкі да 130 градусаў праводзяцца гідраўлічныя выпрабаванні), трэцяя фаза - "гарачыя" выпрабаванні з узняццем тэмпературы вышэй за 130 градусаў.
Як паведамлялася, загрузка ядзернага паліва ў рэактар першага энергаблока БелАЭС пачалася 7 жніўня. Усяго ў рэактар неабходна было загрузіць 163 цеплавыдзяляльныя зборкі з наступным правядзеннем неабходных выпрабаванняў. Паліва выраблена на Новасібірскам заводзе хімканцэнтратаў, узровень ўзбагачэння вар'іруецца ад 1,3% да 4,4%.
Беларуская АЭС з двума рэактарамі ВВЭР-1200 сумарнай магутнасцю 2400 МВт будуецца па расійскім праекце АЭС-2006 паблізу Астраўца Гродзенскай вобласці. Генеральным падрадчыкам выступае дзяржкарпарацыя "Расатам". Энергаблокі пакалення 3+ маюць палепшаныя тэхніка-эканамічныя паказчыкі. Энергетычны пуск першага энергаблока з уключэннем у энергасістэму краіны плануецца ў IV квартале 2020 года. Увод другога энергаблока прадугледжаны ў 2022 годзе.
Паводле інфармацыі Мінэнерга, ўвод БелАЭС у эксплуатацыю дасць магчымасць забяспечыць каля траціны ўнутраных патрэбаў краіны ў электраэнергіі, замяшчаць 4,5 млрд куб. м прыроднага газу ў год, штогод памяншаць выкіды парніковых газаў больш чым на 7 млн т.