Пра тое, што персанал Беларускай атамнай станцыі складаецца з людзей таленавітых не толькі ў працы, многім вядома даўно і спрачацца з гэтым сцвярджэннем складана. Незлічоныя перамогі спартсменаў-атамшчыкаў на спаборніцтвах самага рознага ўзроўню, удзел самадзейных артыстаў у шматлікіх раённых святах, гуртках, студыях і аматарскіх калектывах – таму безумоўнае пацверджанне. Аднак, калі аматары спорту даўно маюць «дакументальныя» пацверджаннi ўзроўню сваёй таленавітасці, то з аматарамі мастацтва да нядаўняга часу ўсё было не так добра. І хоць работнікам прадпрыемства даўно вядомыя свае артысты, але далей выступаў на Днi энергетыка і раённай сцэны музычны абоз атамшчыкаў не вылучаўся.
Аматары самадзейнай творчасці ў сферы энергетыкі Беларусі даўно сталі масавай з'явай. З мэтай развіцця творчага патэнцыялу сярод работнікаў прадпрыемстваў, падпарадкаваных Міністэрству энергетыкі, па ініцыятыве Беларускага прафсаюза работнікаў энергетыкі, газавай і паліўнай прамысловасці, штогод праводзіцца Рэспубліканскі галіновы агляд-конкурс аматарскай мастацкай творчасці. Сёлета конкурс быў прысвечаны 75-й гадавіне вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, і фінальная яго частка прайшла ў Полацку з 18 па 20 кастрычніка.
У конкурсе прынялі ўдзел работнікі арганізацый ДВА «Белэнерга», ДВА «Белпалівагаз», ДП «Беларуская АЭС», ААТ «Газпром трансгаз Беларусь», ААТ «Гефест». Некалькі дзён самыя таленавітыя работнікі энерга - і газазабеспячальных арганізацый (больш за 750 удзельнікаў) прадстаўлялі на суд гледачоў і журы свой творчы патэнцыял у шасці намінацыях. У іх ліку была і дэлегацыя дзяржаўнага прадпрыемства «Беларуская АЭС»
Прыемна, што артысты атамнай станцыі не згубіліся ў шматгалосіі талентаў і змаглі падняцца на прызавыя прыступкі агляду-конкурсу: намінацыя «Вакальна-інструментальны ансамбль» 3-е месца - вакальна-інструментальны калектыў «Блюз кафэ», дзяржаўнае прадпрыемства «Беларуская АЭС»; намінацыя «Ансамблі, аркестры» 3-е месца - дуэт цымбал, дзяржаўнае прадпрыемства «Беларуская АЭС».
Віншуем пераможцаў і жадаем далейшых творчых поспехаў і натхнення! Спадзяемся, што ў наступным годзе энергія талентаў ад Беларускай АЭС захлісне самыя вышэйшыя прыступкі п'едэстала Рэспубліканскага галіновага агляду-конкурсу аматарскай мастацкай творчасці!