Эстафету агню, якая гэтымі днямі праходзіць па гарадах і вёсках нашай краіны, наведваючы самыя знакавыя аб'екты, на беларускай АЭС сустракалі дзясяткі супрацоўнікаў прадпрыемства. Гэта і не дзіўна - у маладым калектыве атамнай электрастанцыі фізічнай культуры і спорту надаецца асаблівая ўвага. Супрацоўнікі прадпрыемства ўдзельнічаюць ва ўсіх галіновых і рэгіянальных спаборніцтвах і заўсёды вяртаюцца дадому ў рангу пераможцаў і прызёраў. Аднаму з іх, шматразоваму пераможцу лёгкаатлетычных спаборніцтваў, начальніку змены рэактарнага цэха Вадзіму Мацвійчуку аказаны гонар пранесці агонь Еўрапейскіх гульняў на «атамным» адрэзку эстафеты. Прадстаўнік працоўнага калектыву атамнай станцыі з гонарам справіўся з даверанай яму ганаровай місіяй.
Пад апладысменты супрацоўнікаў Беларускай АЭС агонь ІІ Еўрапейскіх гульняў прыбыў да цэнтральнай прахадной прадпрыемства. Ад імя працоўнага калектыву ўдзельнікаў эстафеты «Полымя мiру» вітала намеснік генеральнага дырэктара па ідэалагічнай працы-начальнік аддзела кадраў Марына Пылінская.
«Сімвалічнае полымя ІІ Еўрапейскіх гульняў - на пляцоўцы будаўніцтва Беларускай атамнай электрастанцыі, на адным з самых важных аб'ектаў энергетычнай галіны нашай рэспублікі. Сёння, дзякуючы гэтай падзеі, мы сталі часцінкай вялікай еўрапейскай спартыўнай гісторыі», - адзначыла ў прывітальным слове Марына Лявонаўна.
Перадаўшы эстафету «Полымя мiру» наступнаму ўдзельніку, факелоносец Еўрапейскіх гульняў Вадзім Мацвійчук звярнуўся са словамі падзякі за аказаны давер да сустракаўшых яго калег і выказаў надзею, што ў недалёкай будучыні ў Еўрапейскіх гульнях прымуць удзел спартсмены ад Беларускай АЭС.