З нядаўняга часу пастаяннымі ўдзельнікамі конкурсу сталі супрацоўнікі беларускай атамнай электрастанцыі.
У Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў кінаканцэртная зала «Астравец» сабрала лепшых вакалістаў амаль з дваццаці прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў адукацыі Астравецкага раёна. Са сцэны гучалі самыя розныя музычныя кампазіцыі: ад песень ваенных гадоў да твораў сучасных кампазітараў.
Выбар лепшага з лепшых апынуўся няпростай задачай для членаў журы. Прыемна, што ў канчатковым выніку яго сімпатыі апынуліся на баку ўдзельніка з беларускай АЭС, супрацоўніка хімічнага цэха Аляксандра Кардэля, які прадставіў на суд гледачоў знакамітую «Смуглянку» і заваяваў першае месца ва ўзроставай катэгорыі ад 18 да 35 гадоў. Аляксандр - ураджэнец Смаргоні. Характэрна, што музычнай адукацыі ў яго няма. Аднак гэта не перашкодзіла музычнай кар'еры Аляксандра ў якасці вакаліста ансамбля «Ферцiнка», з якім ён аб'ездзіў ледзь не ўсю Беларусь.
Спадзяемся, праца на адказным прадпрыемстве не перашкодзіць творчасці Аляксандра Кардэля і мы яшчэ не раз пачуем пра новыя перамогі таленавітага маладога чалавека.