Польшча павінна да 2040 года пабудаваць шэсць энергаблокаў АЭС, а ядзерная энергетыка павінна стаць адным з трох слупоў новай энергетычнай сістэмы, канцэпцыю якой распрацавала і прадставіла Міністэрства клімату. Кіраўнік ведамства, міністр Міхал Куртыка, адзначыў у эфіры Польскага радыё, што атамныя электрастанцыі павінны стабілізаваць новую энергетычную сістэму дзяржавы. «Польская эканоміка дэманструе паскоранае развіццё, я перакананы, што гэта тэндэнцыя захаваецца таксама ў посткаранавірусны перыяд. Гэта прадугледжвае забеспячэнне айчыннай прамысловасці стабільнага энергазабеспячэння. А значыць, прыярытэтам у працэсе трансфармацыі нашай энергетыкі павінна быць бяспека паставак энергіі», - адзначыў міністр клімату Міхал Куртыка.
Ён дадаў, што ядзерная энергетыка павінна ў перспектыве 20 гадоў стаць альтэрнатывай для вугалю, які ў цяперашні час з'яўляецца асноўным палівам для айчыннай энергетыкі. На думку міністра клімату, важным напрамкам дзяржаўнай энергетычнай палітыкі разам са справядлівай энергетычнай трансфармацыяй, укараненнем нізкаэмісійных тэхналогій і абмежаваннем выкідаў шкодных рэчываў у атмасферу павінна стаць электрамабільнасць. Міністэрства клімату прагназуе, што на працягу бліжэйшых трох гадоў выдаткі на ўтрыманне электрамабіля будуць у Польшчы ніжэй, чым у выпадку традыцыйнага аўтамабіля.