Надрукаваць гэтую старонку
01.04.2022

БелАЭС стала добрым стымулам для росту электраспажывання ў краіне

Крыніца: Тэлеграм канал Мінэнерга

Пра гэта ў інтэрв'ю часопісу «Эканоміка Беларусі» заявіў Міністр энергетыкі Віктар Каранкевіч - паведамляе тэлеграм канал Міністэрства энергетыкі Рэспублікі Беларусь.

Ён адзначыў, што спажыванне электраэнергіі расце як рэальным сектарам эканомікі, так і насельніцтвам. У 2021 годзе гэты паказчык павялічыўся на 2,3 млрд. кВтг у параўнанні з папярэднім годам: з 38 млрд. кВтг да 40,3 млрд. кВтг.

«Урадам вызначаны патэнцыял росту электраспажывання рэальным сектарам эканомікі, зацверджаны міжгаліновы комплекс мер па павелічэнні спажывання электраэнергіі, у тым ліку за кошт выканання інвестыцыйных праектаў у розных галінах эканомікі. Плануецца, што яго рэалізацыя забяспечыць прырост спажывання электрычнай энергіі ў аб'ёме 2,7 млрд. квтг да 2026 года», - сказаў Міністр.

Віктар Каранкевіч таксама дадаў, што з уводам двух энергаблокаў БелАЭС штогадовы аб'ём вытворчасці электраэнергіі станцыяй складзе каля 18,5 млрд квтг. Гэта істотны ўклад ва ўмацаванне энергабяспекі краіны. «Мы атрымаем надзейную, эканамічную і экалагічную крыніцу энергіі з тэрмінам службы да 100 гадоў з улікам практыкі прадаўжэння тэрмінаў эксплуатацыі абсталявання рэактарных установак», - адзначыў ён.

Паводле прагнозаў міжнародных даследчых цэнтраў, атамная энергетыка знаходзіцца на парозе новага этапу свайго развіцця: попыт на мірны атам істотна ўзрос на фоне глабальнага энергетычнага крызісу.

«Глабальная энергетыка сутыкнулася з сур'ёзнымі дысбалансамі. Гэта прымусіла вядучыя дзяржавы свету перагледзець сваю энергетычную палітыку, змяніць прыярытэты, у тым ліку ў бок развіцця атамнай энергетыкі», - канстатаваў Віктар Каранкевіч.

Поўны тэкст інтэрв'ю - у свежым нумары часопіса «Эканоміка Беларусі»

Апошняя змена 01.04.2022